Ответ:

Віцька Свіст з
аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык” – вясёлы і знаходлівы салдат у групцы
байцоў, што засталіся бараніць адыход нашых войскаў на пераездзе. Ён жартуе і
намагаецца дапамагчы таварышам забыцца на тое, што іх, хутчэй за ўсё, чакае
смерць.

Свіст – шчодры і
добразычлівы чалавек, нягледзячы на тое, што ў мінулым ён нарабіў памылак і
пасядзеў у турме за абкраданне дзяржавы. Магчыма, менавіта там ён зразумеў сваю
памылку і стараўся выправіцца. Найбольш чалавечнасць і сумленнасць Віцькі
Свіста праявілася ў эпізодзе з салам. Іншы на месцы Свіста мог змаўчаць і
ціхенька з’есці сала ўдваіх з Пшанічным. Але толькі не Віцька Свіст. Ён
разумеў, што ўсе галодныя. Вядома, не вельмі добра, што ён і тут выкарыстаў
падман, але намер ягоны быў сумленны і шчыры – накарміць усіх таварышаў.

Калі на пераездзе
пачалася бойка і стала зразумела, што ўсім давядзецца загінуць, Свісту і думка
не прыйшла ў галаву пра тое, каб збегчы і выратаваць сваё ўласнае жыццё,
кінуўшы таварышаў. Ён мужна і адважна да самага канца змагаецца і дапамагае не
здавацца іншым.

Выпрабаванне сумлення Віцька Свіст вытрымлівае, не гледзячы на
сваё крымінальнае мінулае. Васіль Быкаў, такім чынам, паказаў нам, што ў
кожнага ў жыцці могуць здарацца цяжкія памылкі, але і ў кожнага ёсць шанец іх
выправіць і застацца годным чалавекам.